Край навекі вольны, сэрцу дарагі

З 1985 па 2016 год я працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі і сацыяльных праблем  «Воранаўскай газеты». І мог наведвацца  ў вёску Бальценікі, дзе ў старой сядзібе графа Путкамера размяшчалася праўленне  мясцовага калгаса імя Гагарына.

Гэта – гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём Адама Міцкевіча. Дарэчы, у снежні бягучага года з дня нараджэння вялікага  беларускага і польскага паэта ды асветніка споўнiцца 220 гадоў.

АДАМ І МАРЫЛЯ

 За згаданай сядзібай Путкамераў раскінуўся парк з дзіўнымі для нашых месцаў дрэвамі, прывезенымі графам з Еўропы. А крыху далей – пануры лясны масіў, надзейна абаронены ад цікаўных вачэй. Менавіта там сустракаліся паэт Адам Міцкевіч і яго муза. Адам гасцяваў у Бальценіках два тыдні. Месцам яго сустрэч з каханай стаў невялікі гай, названы пазней «гайкі Марылі». Тут яны перажылі імгненні шчасця і растання.  Марыля, зрабіўшы выбар паміж каханнем і пачуццём абавязку, засталася з мужам.  А паэт, разумеючы, што не зможа даць ёй звычайнага чалавечага шчасця, больш не з’яўляўся на яе жыццёвым шляху. Але пранёс сваё незямное каханне да Марылi да самай смерці, зрабіўшы яе сваёй музай, няздзейснай марай. Не дзіўна, што вобраз каханай праходзіць праз усю творчасць паэта.

Да 200-годдзя паэта, у 1998 годзе, я напісаў верш «Адам і Марыля», а музыку да песні склаў самадзейны кампазітар Аляксандр Мацюк, саліст  вядомага ў Беларусі народнага ансамбля «Лявоны». Асаблівай папулярнасцю песня карыстаецца ў Польшчы. Нават  на прэсціжным песенным фестывалі ў Зялёнай Гуры  яна атрымала  прэмію.

Музей-сядзібу ў Завоссі Баранавіцкага раёна, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч, я наведваў некалькі разоў у складзе дэлегацый. Быў там і  ў мінулым красавіку. І адзначу, што стан старых забудоў падтрымваецца ў належным парадку. Цяпер загадчыкам тут працуе Віктар   Дмухоўскі. Ён вельмi гаспадарлівы чалавек. У дзень майго наведвання тут працавалі рабочыя. Яны рамантавалі саламяную страху. Па дыплому  Віктар Паўлавіч  – філолаг. Ён выкладаў рускую і беларускую мовы ў педагагічных навучальных установах. У тым ліку ў Баранавіцкім універсітэце як магістр навук.

…Адам Мiцкевiч ведаў некалькі моў, у тым ліку французскую, рускую, нямецкую і англійскую. Чытаў у арыгінале антычную літаратуру, быў знаёмы з гісторыкам Яўхімам Лялевелем, зблізіўся з дзекабрыстамі.

Дайце песнi крылы…

…У сямiдзясятых прыйшла на працу ў Сталовіцкі калгас Баранавіцкага раёна  пасля Навагрудскага  сельскагаспадарчага тэхнікума Надзея Ягорава. Дзяўчына мела дыплом агранома, затым скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.  Стварыла тут сваю сям’ю і, як кажуць, прыкіпела да гэтай мясцовасці. Бо калі сям’я, знаёмыя i блізкія людзі побач, дык тут мiлая радзіма.

Болей за паўтара дзясятка гадоў Надзея Аляксандраўна ўзначальвае ААТ «Сталовічы-Агра». Гэта эканамічна моцнае сельгаспрадпрыемства раёна. I з кожным годам выручка ад продажу прадукцыі і паслуг павялiчваецца.

Унутрыгаспадарчых  дарог у ААТ налічваецца за 300 кіламетраў, з іх каля 40 км – з цвёрдым пакрыццём, астатнія – грунтавыя. На працягу 6 км праходзіць  праз Сталовічы дарога Р99, якая бярэ накірунак на Навагрудак. Яшчэ адна (14 км) вядзе ў агракамбінат  «Мір» Баранавіцкага  раёна.  Ёсць побач і чыгунка Баранавічы – Ліда.

Амаль 100 км дарог тут абслугоўвае мясцовае ДРБУ-136, якое ўзначальвае  Уладзімір Кіслы. Па словах Уладзіміра Пятровіча, дарогі рэгулярна грэйдыруюцца, своечасова праводзяцца ямачныя  рамонты пакрыцця. Дарогі ў гаспадарцы дагледжаныя.  ДРБУ-136   вымасціла пліткай тратуары  аграгарадка Сталовічы.

Як кажа інжынер па ахове працы Дзмітрый Ахоцкі, на мерапрыемствы па ахове працы гаспадарка выдзяляе штогод 20 тысяч  рублёў.  Калектыў тут працавіты, згуртаваны. Таму ўсе неадкладныя работы праходзяць у сціслыя тэрміны і якасна. І вынікі іх станоўчыя. Напрыклад, на   сяўбе і даглядзе пасеваў вызначыліся механізатары Аляксандр Сарамета і Уладзімір Скіпар. Ударна папрацавалі i Андрэй Ярмаловіч, Вячаслаў Бычак, Іван Каўгар, Сяргей Ліс і іншыя.

Так было і на жніве. Кожны гектар даў у сярэднім па 45 цэнтнераў збожжа. Гэта трэцяе месца пасля «Райаграсервіса» і СПК «Крошын». Кіраўніцтва ААТ лічыць, што на такі засушлівы год гэта няблага. Па вынiках жніва два камбайнёры гаспадаркі сталі тысячнікамі. Гэта Андрэй Ярмалоўскі і Юрый Булыга. Для сяльчан пабудавана болей за 5,5 тысячы квадратных метраў жылля. У 2010-м уведзены ў дзеянне жывёлагадоўчы  комплекс. За мінулы год на ім атрымана 45 124 цэнтнера малака. Сярэдні надой на карову склаў 5749 кілаграмаў. Гэта лепшы паказчык па раёну.  

Валяціна Аніскевіч, дарэктар  культурна-забаўляльнага цэнтра вольнага часу ў аграгарадку Сталовічы, кажа:

– У нас многа самадзейных артыстаў. Сярод іх – простыя працаўнікі і спецыялісты гаспадаркі, педагогі мясцовай школы. У цэнтры працуюць вакальная і танцавальная групы для дарослых і дзяцей. Ёсць  вакальны калектыў. Нашы самадзейныя артысты выступаюць на выстаўцы «Белагра», прымаюць удзел у іншых мерапрыемствах, песнямi ўслаўляючы свой родны край. Яны дыпламанты розных песенных конкурсаў у раёне, вобласці і рэспубліцы. Праўду кажуць, ёсць хлеб, будзе i песня.

Вось і я прысвяціў верш родным мясцінам. Як паведаміў мне некалькі гадоў таму жыхар  г. п. Бераставіца лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» журналіст Мікалай Пацэнка, гэты твор, надрукаваны  ў раёнцы  яшчэ ў 1970-я, стаў першым гімнам раёна.

Стройныя бярозкі, быццам маладзіцы,
Ручайком прыгожым радуюць прастор.
Сустракае песняй іх Бераставіца,
Як сваіх чаканых, дарагіх сясцёр.

Прыпеў: Дайце песні шчырай найшырэй разліцца,
Дайце песні крылы, каб яе ўзнялі.
Аб маёй Радзіме, аб Бераставіцы
Хай яна раскажа па ўсёй зямлі.

А наўкол палеткі засцілае жыта –
Дывану калгасаў краю не відаць.
Дораць нам усмешкі шчырыя блакіты,
Шчодра поіць Свіслач сад і сенажаць.
Прыпеў.
Працаю з’яднаны нашы пакаленні,
Дружна мы наперад, як адзін, ідзем.
І со светлай мары, з творчага натхнення
Ў нас бярэ пачатак кожны божы день.
Прыпеў.
Ураджай багаты родзяць нашы нівы,
Заязжайце, госці, к нам на пірагі.
І жыве спакойна і пяе шчаслівы,
Край навекі вольны, сэрцу дарагі.
Прыпеў.

Канстанцін Станкевіч

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.