Дзе згубілася «Ў» у Лос-Анджэлесе?

Аднапавярховая Амерыка.

Частка чатырнаццатая.

Ад Чыкага да Лос-Анджэлеса мы праехалi 7400 міль. Ці зразумелі нашы чытачы за гэты час, чаму Амерыку з лёгкай рукі Ільфа і Пятрова назвалі аднапавярховай? Вось як напісалі самі аўтары ў аднайменнай кнізе:

«Вельмі многім людзям Амерыка ўяўляецца краінай хмарачосаў, дзе дзень і ноч чуюцца ляск надземных і падземных цягнікоў, пякельны роў аўтамабіляў і суцэльны адчайны крык біржавых маклераў, якія кідаюцца сярод хмарачосаў, размахваючы штосекундна падаючымі акцыямі. Гэта прадстаўленне цвёрдае, даўняе і звыклае.

Вядома, усё ёсць – і хмарачосы, і надземныя дарогі, і што падалі акцыі. Але гэта прыналежнасць Нью-Ёрка і Чыкага. […] У іншых жа вялікіх гарадах іх зусім мала – па два-тры на горад. Высяцца яны там неяк самотна, на манер вадаправоднай вежы або пажарнай каланчы. У маленькіх гарадах хмарачосаў няма. Амерыка па перавазе краіна аднапавярховая і двухпавярховая. Большасць амерыканскага насельніцтва жыве ў маленькіх мястэчках, дзе жыхароў – тры тысячы чалавек, пяць, дзесяць, пятнаццаць тысяч».

Аднак калі аднапавярховасць маленькіх амерыканскіх гарадоў успрымаецца прыемнай асаблівасцю, то аднапавярховасць 17-мільённага Лос-Анджэлеса стамляе ў першыя гадзіны знаходжання ў ім. Без аўтамабіля тут увогуле цяжка перамяшчацца. А з-за пробак гэтыя перамяшчэнні становяцца вельмі маруднымі. Як бы ні стараўся навігатар зрабіць маршрут аптымальным, хутка патрапіць у кропку «Б» мы не здолелі. Месца для начлегу выбіралі на папулярным сайце арэнды апартаментаў і пакояў у мясцовых жыхароў. Гэта не толькі танней, але і дазваляе падарожнікам адчуць сябе тамтэйшымi. Мы забраніравалі пакой у прыватным таунхаусе. Ключ ад уваходных дзвярэй гаспадыня пакінула пад парогам. З жывых істот нас сустрэлі два сабакі. Згодна з атрыманымi па электроннай пошце інструкцыямi мы накіраваліся на другі паверх, дзе нас чакалi бутэлька каліфарнійскага віна і ўтульны пакой, каб пакінуць рэчы і паспаць пасля дня падарожжаў. Раніцай гаспадыня апартаментаў падрыхтавала нам бананы, круасаны, кукурузныя шматкі і арахісавую пасту на сняданак. Падсілкаваўшыся, мы накіраваліся ў Downtown – дзелавы цэнтр любога амерыканскага горада. I звычайна там бывае ўсё самае цікавае. Забягаючы наперад, зазначу: толькі не ў Горадзе анёлаў.

Да шпацыру асабліва не рыхтаваліся – на руках была толькі карта з адзначанымі славутасцямі, у якую мы ленаваліся зазіраць, таму глядзелі тое, што траплялася на шляху, і спрабавалі ўлавіць атмасферу. Але першым невырашальным квэстам стаў пошук бясплатнай паркоўкі. Была субота. Дагэтуль ва ўсіх гарадах па выхадных днях можна было лёгка знайсці бясплатныя парковачныя месцы, нават ля капітоліяў. У цэнтры ж Лос-Анджэлеса ў той час быў аншлаг. Чаму? Мы сорак хвілін кружылі па цэнтральных вуліцах. Месца нарэшце знайшлі і былі ўжо гатовы заплаціць 4 даляры за гадзіну паркоўкі. Аднак лёс узнагародзіў нас за згублены час. На паркамаце таго месца, дзе мы пакінулі свой аўтамабіль, на маніторы прачыталi: «Засталося 28 хвілін паркоўкі». Таму мы даплацілі яшчэ за паўгадзіны і пайшлі гуляць.

Скульптура «Танцавальныя дзверы» адкрывае ўваход у Гранд-парк. З самага пачатку свайго існавання (з 2012 года) парк пачаў актыўна развівацца – за першыя шэсць месяцаў тут прайшло больш за 40 мерапрыемстваў. На святкаванне Новага, 2013 года тут сабралася больш за 25 тысяч чалавек – палова ўсяго насельніцтва Даунтауна. Вядома ж, найбольшай папулярнасцю ў спякотныя дні карыстаецца фантан. Амерыканскія фантаны сканструяваны такім чынам, што ў іх няма бардзюра, а вада сцякае ў спецыяльныя выманнi па перыметры. Атрымліваецца, што фантан размешчаны на адным узроўні з паркам. Гэта вельмi прыгожа.

Унутрыпаркавая прастора выдатна арганізавана, таму яе можна трансфармаваць для любых мэт: выпіць кавы ў адным з некалькіх кафэ, схавацца ад спёкі ў цяністых алеях, уладкаваць сямейны пікнік альбо проста разваліцца пад сонцам на мяккім газоне. Парк – гэта I інтэрактыўная зона з цікавымі ідэямі. Напрыклад, каб прыцягнуць увагу да праблемы засухі, тут пасадзілі прыгожыя пустынныя расліны. А ў адмысловых ружовых скрынях заўсёды можна знайсці займальную кнігу альбо пакінуць сваю.

«Парк для усіх» (арфаграфія арыгіналу надпісу захавана) – такі лозунг Grand park размешчаны на тумбе зялёнага колеру каля аднаго з уваходаў. Так, менавіта на беларускай мове (і яшчэ на 20 мовах сусвету) і менавіта без «ў». Але сапраўдныя беларусы, якія да нас тут пабывалі, ужо выправілі памылку маркерам.

Вакол парку шмат адміністрацыйных будынкаў, галоўны з іх – гарадская ратуша, дзе засядаюць мэр і гарадскі савет. Будынак быў узведзены ў 1928 годзе. Пры яго будаўніцтве выкарыстаны пясок з усіх 58 акругаў Каліфорніі. Сюды закладзены вялікі запас трываласці – пабудова здольна вытрымаць землятрус больш за 8 балаў. Да 1964 года мэрыя была самым высокім будынкам у горадзе. Дарэчы, калі мы шукалі паркоўку, хацелі пакінуць аўтамабіль побач з ратушай, таму што тут ёсць месцы для паркоўкі PRESS. Аднак вырашылі, што ў выпадку непаразумення доўга прыйдзецца расказваць паліцыі, дзе знаходзіцца Беларусь і што гэта за газета такая – «Транспартная бяспека».

У апошнія 10 хвілін аплачанай паркоўкі мы паглядзелі канцэртную залу Ўолта Дыснея. Будынак выглядае незвычайна і вельмі прыгожа, пераліваючыся ў промнях сонца. Па задумцы архітэктара Фрэнка Геры, уся канструкцыя павінна быць падобнай на фрэгат з ветразямі. I сапраўды, здаецца, што сталёвыя пласціны надзелены асаблівай лёгкасцю і амаль што развяваюцца на ветры. Жонка Уолта Дыснея ахвяравала грошы на будаўніцтва канцэртнай залы. Той, хто быў у іспанскім горадзе Бальбоа, адразу звярнуў увагу на дзіўнае падабенства канцэртнай залы Уолта Дыснея з Музеем Гугенхайма. Тлумачэнне самае простае – або два будынкі праектаваў адзін і той жа архітэктар. Па перыметры будынка на ўзроўні другога-трэцяга паверха праходзіць паркавая алея. Тут – прыемная атмасфера, месцы для адпачынку і нядрэнныя віды на горад. Аднак прыгажэй ўсё ж у іншым районе Лос-Анджэлеса – на пірсе Санта-Монікi, дзе свежасць акіяна злучаецца з павольнасцю курортнага жыцця. Менавіта там можна знайсці адпачынак ад мітусні гарачага аднапавярховага Лос-Анджэлеса. Туды мы і накіруемся ў наступнай частцы падарожжа.

Таццяна СЯМАШКА

Працяг будзе.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.