Дзе вы, Мэйсан и СіСі?

Аднапавярховая Амерыка.
Частка трынаццатая.

Каліфорнія працягвае краявідамі Ціхаакіянскай шашы. Апельсiнавыя дрэвы квітнеюць і распаўсюджваюць чароўны пах. Надвор’е паляпшаецца, а мы набліжаемся да Санта-Барбары. У гэты момант недзе глыбока з памяці гучыць мелодыя: «та-та-та-таааа». Гэтыя гукі на працягу дзесяці год збіралі перад тэлеэкранамі сем’і і запавольвалі ход жыцця амаль у кожным беларускім доме. Нават у наш час СМІ не забываюць акцёраў мыльнай оперы «Санта-Барбара». Час ад часу з’яўляюцца публікацыі пра сучаснае жыццё былых Кэпвэлаў, Локрыджаў, Перкінсаў і іншых.

Тым не менш не серыялам адзіным вабіць турыстаў Санта-Барбара. Першае паселішча на месцы сучаснага горада было заснавана 4 снежня 1786 года як місія iспанскiх францысканцаў. Будынак царквы іспанскай місіі ў Санта-Барбары захаваўся з тых часоў. Мы перш за ўсё адправіліся туды.

Гэта адзіная місія ордэна францысканцаў, якая ні разу не спыняла сваю дзейнасць з дня заснавання. На працягу першых некалькіх гадоў сіламі місіянераў былі пабудаваны тры капліцы, кожная з якіх – большая за папярэднюю. Архітэктурнае аблічча спалучае ў сабе сумесь адразу некалькіх стыляў: іспанскага, маўрытанскага і рымскага.

Місія святой Барбары на працягу многіх гадоў займала важнае месца ў развіцці адукацыі і асвеце. У 1854–1885 гадах яна функцыянавала як апостальскі каледж. У 1869–1877 гадах тут навучаліся прадстаўнікі мужчынскай часткі жыхароў горада. У нейкім сэнсе місія можа лічыцца першай у горадзе ўстановай вышэйшай адукацыі.

Далей мы паехалі на галоўную вуліцу Санта-Барбары – StateStreet. Гарадок такі невялікі, што ў ім толькі адна галоўная вуліца, якая ўпіраецца ў акіян. Яна мае нетыповую для Амерыкі атмасферу – вельмі еўрапейская. Людзі павольна прагульваюцца ўздоўж вулiцы, абедаюць у кавярнях.

Маленькія дворыкі ўпрыгожаны скульптурамі і квітнеючымі раслінамі. Cярод двух-, трохпавярховых пабудоў над Downtown узвышаецца вежа Santa Barbara Courthouse! Мы некалькі сумняваліся, ці можна заходзіць на тэрыторыю суда, а тым больш унутр. Але калі падарожнічаеш па Амерыцы – думай, як амерыканец: гэта значыць, што можна амаль усё! Мы не ўбачылі ніякіх папярэджанняў, не натыкнуліся на забароны і на пункты догляду наведвальнікаў. Зазіралі ва ўсе адчыненые дзверы і нават спрабавалі – за зачыненыя. Адчуванні былі самыя незвычайныя ад усведамлення таго, што тут, за зачыненымі дзвярыма, iдзе самы сапраўдны працэс з суддзёй, сведкамі і прысяжнымі. Вядома, убачыць яго нам не давялося, затое знайшлі вельмі прыгожую бібліятэку.

Гарадок Санта-Барбара за сваю гісторыю каму толькі не належаў: спачатку гэта былі землі карэнных амерыканцаў, потым тут панавалі іспанцы, пасля горад уваходзіў у склад Мексіканскай Рэспублікі і толькі да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя стаў амерыканскім. На сценах суда мы ўбачылі нямала карцін, і вялікая іх частка асвятляла іспанскі перыяд гісторыі. У адным з урачыстых залаў праходзяць і шлюбныя цырымоніі. Будынак суда працяты духам гісторыі і праз гэта выглядае загадкава і велічна.

Прыемным бясплатным турыстычным атракцыёнам Санта-Барбары  з’яўляецца 24-метровая вежа, што ўзвышаецца над будынкам суда. На яе абавязкова трэба падняцца і паглядзець панарамныя віды. Напрыклад, можна ўбачыць, як чырвоныя дахі павольна спаўзаюць да акіянскага ўзбярэжжа, унізе цячэ павольнае жыццё, а час сцірае адчуванне рэчаіснасці.

Але ж, дазвольце яшчэ раз вярнуцца да «Санта-Барбары». Памятаеце, у застаўцы былі бясконцыя беласнежныя аркі? У нездарма: яны сустракаюцца літаральна на кожным кроку, і іх па праву можна назваць візітнай карткай горада. Практычна ў паловы будынкаў цэнтральнай вуліцы ўваходы, галерэі або вокны аформлены ў выглядзе арак, што надае асаблівы шарм мясцовай архітэктуры. А вось людзі без вызначанага месца жыхарства надаюць пірсу Санта-Барбары іншы каларыт. Беспрацоўныя тут «працуюць». Адны будуюць фігуры з пяску і ставяць побач шклянку, у якую турыст можа кінуць манетку, калі творчасць яго ўразіла. Іншыя малююць на картонцы мішэні, у якія таксама трэба кідаць манетку, каб здзейснілася жаданне. Самы ўразлівы факт, што амерыканскія турысты з радасцю падтрымліваюць такі «бізнес». Пра іншых не адкажам – не бачылі, а самі не ўдзельнічалі ў фінансаванні гэтых арт-аб’ектаў.

Агляд Санта-Барбары заняў у нас тры гадзіны. І зноў заклікала дарога наперад. Да Лос-Анджэлеса заставалася 87 міль. Сумненні пра наведванне Вілы Геці былі яшчэ падчас планавання падарожжа. З аднаго боку, тут змешчаны музей, прысвечаны вывучэнню мастацтва і культуры старажытнай Грэцыі, Рыма і Этрурыі. Калекцыя налічвае больш за 44 тысячы артэфактаў, якія адносяцца да перыяду паміж 6500 гадоў да нашай эры і 400 гадоў пасля нашай эры. З іншага боку, гэта проста дом нафтавага магната, які пабудавалі ў італьянскім стылі.

«Па віле цікава шпацыраваць звонку, нават не разглядаючы незлічонае мноства экспанатаў. Так, тут разбіты сад, у якім можна знайсці такія віды раслін, якія выгадоўвалiся шмат часу таму. Гэтыя расліны і іх плён выкарыстоўваліся на кухні для гатавання ежы, у медыцынскіх мэтах і нават у вядзьмарскіх рытуалах,» – даведаўшыся пра такое, мы ўсё ж вырашылі наведаць гэты куток Італіі ў ЗША. І не паспелі: у пяць гадзін вечара віла зачыніла вароты для наведвальнікаў.

Калі вы будзеце ў тых мясцінах – ведайце: уваход на тэрыторыю бясплатны, аднак на сайце вілы трэба загадзя замаўляць квіткі на пэўны дзень і час. Паркоўка на тэрыторыі вiлы Геці каштуе 15 даляраў. Пешаходы на тэрыторыю не дапускаюцца, гэта закон Лос-Анджэлеса. Калі вас падвезлі да вілы Геці, то трэба, каб машына высадзіла вас ужо на яе тэрыторыі. Мы не вельмі сумавалі, што зэканомілі грошы і час.

Наступным прыпынкам быў пляж Малібу, на якім мы елі сэндвічы і мачылі ногі ў Ціхім акіяне. Так, мы чакалі, а яны не прыбеглі. Хто не прыбег? Канешне, ратаўнікі Малібу – тыя, што ў фільмах апранутыя ў чырвоныя майкі бягуць па беразе на дапамогу тапельцам. Пляж не ўразіў сваёй прыгажосцю, але ж тут, у Малібу, размешчаны адны з самых шыкоўных дамоў знакамітасцяў: Брытні Спірс, Брэда Пiта, Мэццю Макхонаха, Джэніфер Эністан, Памэлы Андэрсан і іншых. Сэндвіч скончыўся тым часам, і можна было працягваць падарожжа.

Лос-Анджэлес – аднапавярховы горад, дзе без аўтамабіля цяжка перамяшчацца, і дзе з-за пробак гэтыя перамяшчэнні вельмі марудныя – сустрэў нас пробкай. Таму расказ пра Горад анёлаў чакайце ў наступным нумары.

Таццяна СЯМАШКА
Працяг будзе.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.