90 міляў да Кубы, ці Дзе сустрэць украінцаў

Аднапавярховая Амерыка

Частка васемнаццатая

Больш за 7000 міляў падарожжа па Route 66 cкончыліся ў Лос-Анджэлесе. Некалькі гадзін у самалёце – і ў Маямі пачалося новае падарожжа беларусаў. Штат Фларыда толькі пачынаў вырашаць праблемы, што пакінуў яму ўраган «Ірма», а акіян як ні ў чым не бывала ласкава прымаў у абдымкі першых турыстаў.

Штат Фларыда размешчаны на аднайменным паўвостраве і з’яўляецца самым паўночным у ЗША. Іншая яго назва – «Сонечны штат». Заходняе ўзбярэжжа Фларыды, якое абмываецца Мексіканскім залівам, працягнулася на 1000 км. Усходняе мае працягласць 660 км i абмываецца Атлантычным акіянам. Кожнае – са сваёй спецыфікай: усходняе – рай для прыхільнікаў серфінгу, заходняе – для сямейнага адпачынку, у тым ліку з маленькімі дзецьмі.

Фларыда дзеліцца на чатыры рэгіёны. У першым знаходзяцца сталіца штата Талахасi і Пенсакола, знакамітая база ваенных лётчыкаў. У Паўночнай Фларыдзе дамінуе касмапалітычны і жывы лад жыцця і знаходзіцца гістарычны Св. Аўгусцін. Цэнтральная Фларыда – сусветная сталіца тэматычных паркаў, дзе знаходзяцца Касмічны цэнтр Кенэдзі, Кіпрскія сады, міжнародны спідвей Дайтона і SeaWorld. Ну і, нарэшце, Паўднёвая Фларыда – гэта Маямі, балоты Эверглэйдс і выдатны Фларыда-Кіс.

Для знаёмства са штатам мы адзначылі два кірункі: Касмічны цэнтр Кенэдзi i Кі-Уэст. Рэалізаваць план вырашылі пры дапамозе пракату аўтамабіля, таму што так вандроўнічаць па Амерыцы і больш зручна, і больш цікава. Аднак з-за ўсё той жа «Ірмы» большасць кантор па арэндзе аўтамабіляў не працавала. Шмат машын было страчана падчас урагана і дажджоў. Калі мы звярнуліся ў фірму Alamo, з якой «пасябравалі» яшчэ ў Чыкага, нам прапанавалі чакаць тры або больш гадзін, пакуль хто-небудзь не верне аўтамабіль. Нам пашанцавала: побач знаходзілася яшчэ адна фірма па пракату – Sixt, дзе мы і атрымалі Toyota Corolla для вандровак па Фларыдзе.

«Прыязджайце да нас на дзве гадзіны і адразу ж едзьце назад – інакш вы застанецеся на ўсё жыццё» – так любяць гаварыць мясцовыя жыхары гэтага дзіўнага горада-выспы. Кі-Уэст (Key West) – гэта не проста горад, гэта – настрой, лад жыцця і стан душы. Прыехаўшы сюды, разумееш, што гэта менавіта тое доўгачаканае чароўнае месца, дзе можна забыцца аб жыццёвай мітусні і клопатах і абавязкова стаць шчаслівым. Нават на паліцэйскіх машынах напісана Protecting and serving paradise (абараняць і служыць раі). А на таксі надпіс абвяшчае: Quit your job and move to Key West (сыходзь з працы і пераязджай на Кі-Уэст). Так што не застаецца ні найменшага сумневу, што Кі-Уэст – ідэальнае і незвычайнае месца. Упакорцеся з гэтым і атрымлівайце асалоду ад яго прыгажосцi.

У Кі-Уэста вельмі незвычайныя размяшчэнне і гісторыя: да Маямі – 260 кіламетраў на машыне, 171 кіламетр – да кубінскай Гаваны на лодцы. Кі-Уэст – самы паўднёвы горад кантынентальных ЗША, і шлях да яго праходзіць літаральна па акіяне. Горад і аднайменны востраў размяшчаюцца ў самым канцы архіпелага Фларыда-Кiс, які складаецца прыкладна з 1700 астравоў і рыфаў. Дарога распасціраецца ад выспы да выспы па мастах. I яна адна з самых прыгожых у ЗША. Сапраўды зачаравальнае відовішча – яркае блакітнае неба і чыстая сіняя вада, напоўненая водбліскамі цёплага сонца. На працягу ўсяго шляху ад кантынента да Кі-Уэста – 42 масты. У сярэднім хуткасць абмежаваная 45 мілямi ў гадзіну, але гэтая павольная паездка дазваляе ўдосталь нацешыцца відамі Атлантычнага акіяна з аднаго боку і Мексіканскага заліва – з другога, а таксама рэдкімі выспамі з рыбацкімі пасёлкамі.

Кі-Уэст злучаны з суседнім востравам самым доўгім з іх – 11-кiламетровым, або Сямімільным мастом. Калі едзеш па ім, ствараецца ўражанне, што ты цалкам адарваўся ад зямлі: па абодва бакі – крышталёвая вада без сушы, а наперадзе – маленькая паласа дарогі, якая сыходзіць у неба. Праязджаючы па гэтай дарозе, заўважаеш яшчэ адну цікавую асаблівасць: уздоўж трасы прама ў вадзе ўстаноўлены слупы з правадамі аж да апошняй выспы. Па шляху на Кі-Уэст можна заехаць на суседнія выспы, палюбавацца відамі акіяна. Мясцовыя жыхары тут занятыя выключна рыбным промыслам.

У 1822 годзе John Simonton за 2000 даляраў выкупіў востраў у iспанцаў, i з тых часоў тут з’явілася пастаяннае паселішча. Горад развіваўся вельмі хуткімі тэмпамі. Да 1889 года Кі-Уэст стаў самым вялікім і самым багатым у Фларыдзе з самым высокім прыбыткам на душу насельніцтва па ўсёй краіне. Але гэта не перашкодзіла гораду ў 1930 годзе аб’явіць сябе банкрутам. Аднак пра ўсё па парадку.

У часы росквiту Кі-Уэста тут было больш за 150 фабрык па вытворчасці цыгар, здабывалася велізарная колькасць марскіх губак, адкрыўся завод па перапрацоўцы чарапах. Акрамя гэтага тут ужо тады хадзілі трамваі, адкрываліся банкі, меўся свой оперны тэатр. А горад Маямі ў той час быў невялікай рыбацкай вёскай. «Развіццю» горада таксама спрыялі частыя караблекрушэння на суседніх рыфах і водмелях.

У 1912 годзе ад мацерыка да выспы правялі чыгунку, але наймацнейшы ўраган 1935 года разбурыў яе, вярнуўшы востраву былую ізаляванасць. Праз тры гады ўрад ЗША пабудаваў замест жалезнага шляху аўтамабільную дарогу, якая стала працягам знакамітай шашы US Highway 1. Па ёй у 1939 годзе праехаў Франклін Дэлана Рузвельт. Акрамя гэтага, у 1926 годзе тут адкрылі аэрапорт для рэйсаў авіякампаніі Pan American Airlines. Наогул, Кі-Уэст быў папулярны сярод амерыканскіх прэзідэнтаў: Гары Трумэн у агульнай складанасці правёў тут 175 дзён падчас 11 афіцыйных візітаў. У адным з дамоў ён уладкаваў сваю зімовую рэзідэнцыю пад назвай Маленькі Белы Дом (Little White House). Дуайт Эйзенхаўэр пасля сардэчнага прыступу перабраўся на гэты востраў. Джон Кенэдзі прыехаў на Кі-Уэст праз месяц пасля заканчэння Кубінскага крызісу.

Кі-Уэст таксама аблюбавалі шматлікія пісьменнікі, мастакі і іншыя вольныя артысты. У 1930 годзе на востраў са сваёй другой жонкай і двума дзецьмі пераехаў Эрнэст Хэмінгуэй і пражыў тут да 1941 года. Менавіта тут ён напісаў «Бывай, зброя». Штогод турысты наведваюць яго дом, у якім зараз размясціўся музей. У доме Хэмінгуэя пастаянна пражывае каля паўсотні котак, якія маюць адну адметную асаблівасць, як і астатнія кошкі на востраве. Аднойчы капітан Стэнлі Дэкстэр прынёс незвычайнага кацяняцi з шасцю пальцамі на лапах, якога празвалі Сняжок (Snowball). Ён і паклаў пачатак дынастыі шасціпалых і сямiпалых катоў, якія сталі яшчэ адной славутасцю выспы. Дарэчы, котак у Кі-Уэсце нямала – на кожнага жыхара прыходзіцца па чатыры касматыя асобіны. У ліпені кожны год праводзіцца фестываль Эрнэста Хэмінгуэя. Акрамя катоў, асаблівай папулярнасцю і абаронай закона ў Кі-Уэсце карыстаюцца пеўні і куры. Іх можна сустрэць паўсюдна.

…Наблiжалася гадзiна абеду. Цэнтральная вуліца Кі-Уэста не была падобная да цэнтральнай вуліцы турыстычнага горада: працавала некалькі сувенірных крамаў, пара-тройка кафэ. Шыбы астатніх былі закалочаны, а дзверы ўпрыгожвалі надпісы: «Паважаная «Ірма», ты нас не напалохаеш – і мы хутка вернемся дамоў! » Таму выбар, дзе здаволіць голад, быў невялікі: мы накіраваліся да кафэ з вясёлай назвай Banana. Павіталіся па-англійску, вывучылі меню, афіцыянт прыняў заказ на напоі, а мы працягвалі абмяркоўваць меню па-руску. Афіцыянт таксама пачаў з намі размаўляць па-руску. Аказалася, што ён ужо некалькi гадоў жыве і працуе ў Кі-Уэсце, сам – з Украіны, і тут вельмі шмат яго суайчыннікаў. У гэтым мы переканаліся падчас прагулкі па горадзе, калі то там, то тут чулася руская гаворка з украінскім акцэнтам.

Развітанне з Кі-Уэстам адбылося ў свеце заходзячага сонца. Тэатральнасць ружовага асвятлення, пах свежага акіяну, мяккі белы пясок і шэпт пальмаў спынілі момант у памяці назаўсёды.

Зваротная дарога вярнула да рэальнасці наступстваў урагану і да думак, што прырода неверагодна чароўная і неверагодна магутная, непадуладная чалавеку. Парушаныя дамы, выкарчаваныя дрэвы, скручаныя білборды і запраўкі абрамлялі прыгожую начную дарогу паміж выспамі архiпелага Фларыда-Кіс. А заўтра нас чакала вандроўка на мыс Канаверал – туды, адкуль чалавек імкнецца авалодаць касмічнымі прасторамі.

Працяг будзе

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.